Подпишитесь на нашу группу ВКонтакте:

Восеньскі фэст "Багач" - 25 верасня 2021

12:30
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зноў запрашаюць усіх на святкаванне Багача ў Вязынцы.

Сёлета свята адбудзецца 25 верасня (сб), пачатак у 12.30.

У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і да першага пасля лета запальвання хатняга агменю –яго сімвалізуе васковая свечка ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года для забеспячэння багацця і шчасця гаспадарам. Зерне ў лубку ссыпалі, па жменьцы, усёй вёскай пад час урачыстага абыходу . Сам Багач аддавалі на захаванне маладой пары, што пабраліся сёлета шлюбам, альбо самай удалай сям'і ў вёсцы. З гэтага зерня пачыналі засяваць на новае лета і верылі, што ўраджай будзе выдатны!

Асноўнай дзеяй свята з'яўляецца ссыпанне агульнага Багача, таму мы зноў просім усіх нашых гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня.

У праграме свята - урачысты абрад ссыпання зерня і запальвання вагню, дажынкавыя і восеньскія спевы з розных рэгіёнаў Беларусі, святочныя пачастункі - хатні хлеб і мёд, хатні сыр, а таксама майстар-класы па рамёствах, кухня і кірмаш, а пад вечар - традыцыйныя танцы!

Для ўваходу на тэрыторыю музея, дзе адбудзецца свята, трэба будзе набыць у касе музея квіток. Кошт - дарослыя - 4 руб., студэнты 3 руб., дзеці - 2 руб. Тым самым, мы з радасцю падтрымліваем дзейнасць музея!

Сачыце за абвесткамі і да сустрэчы на свяце!