Подпишитесь на нашу группу ВКонтакте:

Імпрэза Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай

19:00
22 лістапада ў Прасторы КХ адбудзецца літаратурны вечар з удзелам пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча і паэткі, перакладчыцы, адной з рэдактарак інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСьвет” Юлі Цімафеевай. Цягам вечара будуць прэзэнтаваныя адразу дзьве кнігі – раман “Сабакі Эўропы” Альгерда Бахарэвіча і дзіцячая кніга нарвэскага пісьменьніка Стыяна Холе “Лета Гармана” ў перакладзе Юлі Цімафеевай.

Раман “Сабакі Эўропы” выйшаў напрыканцы мінулага году, атрымаў прэмію “Кніга году”, другую прэмію Ежы Гедройця, прэмію фэстываля інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. У 2019 годзе раман выйдзе ў расейскім перакладзе ў маскоўскім выдавецтве “Время”. Гэта дзевяцьсот старонак прозы і вершаў, кніга з шасьці частак, аб’яднаных самымі рознымі таямніцамі. Сам аўтар назваў яе “антыбэстсэлерам” (тэрмін быў адразу падхоплены крытыкамі і чытачамі) і сваім найвялікшым актам творчай свабоды. “Сабакі Эўропы” прэзэнтаваліся ў Менску, Бэрліне, Горадні, Бабруйску, на фэстывалі “Востраў Эўропа” ва ўкраінскай Віньніцы.

Дзіцячая кніга “Лета Гармана” ў перакладзе з нарвэскай мовы Юлі Цімафеевай выйшла зусім нядаўна, але ўжо атрымала прызнаньне як дарослых, так і маленькіх чытачоў. Нарвежскі пісьменнік і дызайнер Стыян Холе сам ілюструе свае кнігі, ён стварыў дзіўны свет, у якім яркія візуальныя вобразы і сур’ёзны і разам з тым просты тэкст пераплятаюцца ў адзінае дзівоснае цэлае. Хлопчык Гарман упершыню мусіць ісьці ў школу. Зьбянтэжанасць, пытаньні, візыт дзіўных цётачак… І ні з чым не параўнальны подых канца лета. кніга здабыла мноства прызоў і прэмій на розных кніжных выставах, уключаючы самую прэстыжную – Балонскую 2007 года. Твор перакладзены на 18 моваў свету, а цяпер існуе і па-беларуску. З чытацкіх водгукаў: "…Гэта казачная гісторыя пра жыцьцё і сьмерць, пра маладосьць і старасьць, пра малочныя зубы і зубныя пратэзы. Выдатны падарунак дзецям, якія рыхтуюцца да школы".

Пачатак імпрэзы – 19.00. Уваход вольны.
Запрашаем!